Гісторыя
Да часу зьяўленьня эўрапейцаў у гэтых месцах жылі плямёны іракескай лігі і алганкіны, якія падчас эўрапейскай калянізацыі Паўночнай Амэрыкі падвергнуліся значнаму вынішчэньню. Засваеньне рэгіёну пачалося з дасьледаваньня ракі Хадсан. У Нью-Ёркскай бухце ў 1524 пабываў Джавані Вэрацыяна. У 1609 Генры Хадсан, які служыў у галяндцаў, дайшоў па рацэ да раёна, дзе цяпер находзіцца горад Олбані. Тут у 1614-18 існавала першае селішча форт Насаў. У 1621 гэтая тэрыторыя была ўключаная ў склад галяндзкіх каляніяльных уладаньняў у Паўночнай Амэрыцы, якія атрымалі назоў Новыя Нідэрлянды. У 1626 быў заснаваны горад Новы Амстэрдам (будучы Нью-Ёрк), які стаў цэнтрам галяндзкіх калёніяў. Гэтая тэрыторыя была аб'ектам працяглай англа-галяндзкай барацьбы. У 1664 галяндзкі губэрнатар Пэтэр Стайвэсант пад ціскам брытанскага флота здаў калёнію ангельцам. З 1664 (акрамя 1673-74) ёю валодалі ангельцы (яны надалі сваёй новай калёніі назву Нью-Ёрк). У 1664 з калёніі была вылучаная тэрыторыя, цяпер вядомая як штат Нью-Джэрзі, праз год была ўсталяваная мяжа паміж Нью-Ёркам і Канэктыкутам, якая ў далейшым не зьмянялася. У 1688 Нью-Ёрк разам зь іншымі калёніямі ўвайшоў у склад дамініёна Новая Англія. Пасьля паўстаньня пад кіраўніцтвам Я. Лізьлера ўлада ў калёніі на працягу двух гадоў была ў руках мяцежнікаў (1689-91). У 1691 пасьля аднаўленьня ўлады ангельскай кароны было прынятае рашэньне аб стварэньні заканадаўчага збору. Нью-Ёрк быў цэнтрам падзей падчас войнаў з французамі і індзейцамі і шмат разоў, да разгрому французаў у 1761, падвяргаўся спусташальным рэйдам.
У пэрыяд Вайны за незалежнасьць будучы штат таксама займаў стратэгічнае месца ў плянах бакоў. У 1776-77 на яго тэрыторыі адбываўся шэраг буйных сутыкненьняў. У красавіку 1777 Нью-Ёрк ратыфікаваў Канстытуцыю ЗША і ў ліпені 1778 стаў 11-м па ліку штатам з часовай сталіцай у горадзе Кінгстан (у 1797 сталіца перанесеная ў Олбані). Да канца першай чвэрці XIX стагодзьдзя штат меў высокаразьвітую сельскую гаспадарку і мануфактурную прамысловасьць з цэнтрам у Нью-Ёрку. Хутка разьвівалася транспартная сетка, чаму спрыяла як наяўнасьць натуральных водных шляхоў, так і само месцазнаходжаньне штата. У 1825 завяршылася будаўніцтва канала Эры, у 1831 пабудаваная першая чыгунка, якая злучыла Олбані і Скенэктадзі, а яшчэ праз 25 гадоў увесь штат быў пакрыты сеткай чыгунак. У 1830-40-я ў грамадзтве адбываліся значныя перамены: разьвіваўся працэс дэмакратызацыі, актыўна дзейнічалі арганізацыі фэрмэраў, жанчын, абаліцыяністаў. Былі моцныя рэфарматарскія тэндэнцыі, якія спарадзілі пляяду бачных нью-ёркскіх палітычных дзеячаў, у тым ліку Марціна Ван Бюрэна, Ўільяма Генры Сьцюарда, Хораса Грылі.
Ужо да 1820 Нью-Ёрк займаў першае месца сярод штатаў па колькасьці насельніцтва, перад Грамадзянскай вайной ён стаў кіроўным прамысловым штатам краіны. У Грамадзянскай вайне ў ЗША 1861-65 удзельнічаў на баку Поўначы. Больш 500 тыс. жыхароў штата прынялі ўдзел у вайне, 50 тыс. чалавек загінулі. Пасьля вайны эканамічнае разьвіцьцё штата працягвалася ў ранейшым тэмпе; для другой паловы XIX стагодзьдзя характэрныя рост карпарацыяў і ўзьнікненьне гіганцкіх трэстаў, наплыў імігрантаў з Эўропы. Адбывалася рэзкае расслаеньне грамадзтва, пагоршыліся ўмовы працы, у палітычным жыцьці квітнела карупцыя. Панаваньню Тамані-хола атрымалася пакласьці канец толькі ў 1930-я высілкамі шматлікіх відных палітыкаў, у тым ліку мэра Нью-Ёрку Фьёрэла Генры Лагуардыя (1934-45).
wikiworld @ 06:27 Tags: Гісторыя

digg it
del.icio.us