Эканоміка
Нью-Ёрк — адзін з найболей населеных і эканамічна разьвітых штатаў ЗША. Саступіўшы пасьля 1960 году Каліфорніі 1-е месца паводле колькасьці жыхароў, Нью-Ёрк займае вядучыя пазыцыі ў вобласьці банкаўскай справы, гандлю каштоўнымі паперамі, тэлекамунікацыяў. Фінансавая дзейнасьць (у тым ліку страхаваньне), гандаль нерухомасьцю даюць штату каля 80 % валавога прыбытку. Да 1970-х, калі ён здаў пазыцыі Каліфорніі, Нью-Ёрк быў галоўным індустрыяльным штатам ЗША. З больш 7 млн эканамічнага актыўнага насельніцтва на прамысловасьць прыходзіцца каля 25 %, на сельскую гаспадарку — 2 %, на гандаль і фінансы амаль 30 %. Занятых у горназдабыўной прамысловасьці (1970) 8 тыс., у апрацоўнай — 1,8 млн чалавек. Найважнейшыя віды карысных выкапняў — камень, соль, пясок. Акрамя таго, здабыча цынку (55 тыс. т), паваранай солі (каля 5 млн т), будматэрыялаў, абразіваў, вытворчасьць тытанавых канцэнтратаў. Важныя галіны апрацоўнай прамысловасьці: швейная і паліграфічная (галоўным чынам у Нью-Ёрку), электратэхнічная і радыёэлектронная, оптыка-мэханічная, суднабудаўнічая, авіяракетная прамысловасьць, вытворчасьць прамысловага абсталяваньня. Разьвітыя таксама чорная (галоўным чынам у Бафала) і каляровая мэталюргія, хімічная, нафтаперапрацоўчая, харчовая, скурна-абутковая прамысловасьць, выплаўленьне алюмінія. Буйныя ГЭС — на Ніягаре і рацэ Сьвятога Лаўрына. Усталяваная магутнасьць электрастанцый (1972) 24 Гвт. Прадукцыя сельскай гаспадаркі (прыгараднага тыпу) мае пераважна мясцовае значэньне: яблыкі, вішня, гародніна, кукуруза. Жывёлагадоўля дае звыш 75 % таварнай прадукцыі сельскай гаспадаркі; буйнага рагатага быдла (1971) 1,8 млн галоваў, у тым ліку звыш 1 млн дойных кароваў і цёлак. У пасевах пераважаюць кармавыя. На Лонг-Айлэндзе выгадоўваюць галоўным чынам бульба і гародніна, а на ўзьбярэжжах азёр Эры і Антарыё — вінаград і пладовыя (2-е месца па зборы ў ЗША). У берагоў Лонг-Айлэнду разьвітае рыбалоўства. Высока разьвітая транспартная сетка. Важную ролю ў эканоміцы штата грае індустрыя турызму з цэнтрам у Нью-Ёрку.
Адна з найболей сур'ёзных праблем штата — забруджваньне навакольнага асяродзьдзя, барацьба зь ім адзначаная прыняцьцем дзейсных заканадаўчых актаў у 1960-я.
Вядучая роля ў жыцьці штата, ды і ўсёй краіны, традыцыйна замацавалася за горадам Нью-Ёркам. Штогадовы валавы прадукт толькі гэтага горада пераўзыходзіць ВНП большасьці краін сьвету. Нью-Ёрк — традыцыйны цэнтар тэкстыльнай прамысловасьці, паліграфіі, вытворчасьці прадуктаў сілкаваньня, буйны марскі порт.
Бафала — цэнтар цяжкай прамысловасьці (хоць шматлікія сталеліцейныя заводы зачыніліся ў 1980-х), буйны азёрны порт.
Рочэстэр — цэнтар вытворчасьці аптычных прыбораў.
Сайрэк'юз — цэнтар хімічнай, мэталюргічнай, электратэхнічнай і цэлюлозна-папяровай прамысловасьці, цяжкага машынабудаваньня.
Ютыка і Рым — цэнтры машынабудаваньня, Бінгемтон — бытавой электронікі, кампутараў.
wikiworld — 2008-08-24 GTM 1 @ 06:28

digg it
del.icio.us